АГІ́НСКІ КАНА́Л,

у Беларусі, у Пінскім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., злучае басейны рэк Нёман і Прыпяць праз рэкі Шчара і Ясельда; ч. былога Дняпроўска-Нёманскага воднага шляху. Даўж. (разам з Выганашчанскім воз.) 54 км. Складаецца з 2 ч., якія пачынаюцца з воз. Выганашчанскае: 1-я (даўж. 3,5 км) упадае ў Шчару за 3,5 км на Пн ад воз. Выганашчанскае, 2-я (даўж. 46 км) — у Ясельду за 1 км на ПнУ ад в. Мерчыцы Пінскага р-на. Прымае сцёк з густой сеткі асушальных каналаў, у т. л. з Краглевіцкага (справа) і Хварашчанскага (злева).

Будаваўся ў 1767—83 па ініцыятыве М.К.Агінскага для перавозу грузаў, пераважна лесу. У 1799—1804 вяліся работы па яго добраўпарадкаванні. У 1-ю сусв. вайну гідратэхн. збудаванні разбураны, потым адноўлены. Да 1941 выкарыстоўваўся для суднаходства і лесасплаву. У Айч. вайну шлюзы і плаціны разбураны; гасп. значэння не мае.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)